Нацыянальны брэнд: мядзведзь i Смаргонская акадэмiя

   Мядзведзь сучаснымi сусветнымi медыямi быццам назаўжды «адданы на водкуп» Расii як неаспрэчны сiмвал яе непрадказальнага нораву, якi умом не понять, аршином общим не измерить. I маскоўскую Алiмпiяду-80, з яе падазрона падобным на Кабзона Мiшкам, Захад байкатаваў, i Ельцына з Пуцiным часта малявалi ў карыкатурным аблiччы мядзведзя, ну а ўжо Мядзведзева дык проста грэх не параўнасць, шторадок, з брунатным лясным уладаром.

Што ж, вобраз традыцыйны, i небезпадстаўны. Шкада толькi, што рускi мядзведзь захiнае ад нас сваiх. Праўда, што i засталося ў сучаснай РБ тых мядзведзяў добра калi сотня, а ў масавай свядомасцi дык нейкi адмысловы мясцовы беларускi, або i лiтоўскi, мядзведзь адсутнiчае зусiм. А некалi ж наш Мядзведзь, як сiмвал, паспяхова канкурыраваў з рускiм. Бо мала дзе так ведалi i любiлi мядзведзяў, як у даўняй Лiтве. Жыгiмонту Кейстутавiчу гэтая любоў каштавала жыцця. Ведаючы пра ягоны давер да свойскай мядзведзiцы, якая звычайна скраблася кiпцюрамi ў дзверы, просячы ўпусцiць, змоўшчыкi ў 1440 г. у Троках падманулi пiльнасць вялiкага князя: Аляксандр Чартарыйскi моўчкi падступна паскробся ў дзверы, i Жыгiмонт даверлiва адчынiў…

    Але канешне, пры слове «мядзведзь» у памяцi мусiць узнiкаць, найперш, вобраз «Смаргонскай акадэмii». Пад патранажам Радзівілау, тут цыганы дрэсіравалі мядзведзяў, у часы росквiту у «акадэмii» навучалася адначасова 10 «студэнтаў».  Спачатку маладых мядзведзянятау з навакольных лясоу вучылі "танцаваць", для чаго змяшчалі іх у адмысловую клетку, металічнае дно якой

падагравалася. Ратуючыся ад апёкау, няшчасныя жывёлы былi вымушаныя уздымацца на заднія лапы і пераступаць з лапы на лапу. Гукі бубна і ражка, якiя суправаджалi гэты жорсткi «семiнар», потым асацыявалiся у iх з разагрэтай падлогай, так што кожны раз, чуючы знаёмую музыку, яны кiдалiся у «танцы»  Навучыўшы «студэнтаў» танцаваць, мядзведнiкi пераходзілі да наступнага этапа дрэсіроўкі: вучылі барукацца, кланяцца і г. д. Вясной цыганы-«прафесары» разам з навучанымі мядзведзямі накіроўваліся на заробкі па кірмашах Рэчы Паспалiтай, Расіі, Венгрыі, Германії. Увосень вярталіся назад у Смаргонь.

     Шкада, што не маем дагэтуль салiднай, прафесiйна зробленай гiсторыi акадэмii. Нават невядома дакладна, калi яна спынiла сваё iснаванне. Цi то ў канцы 18 ст., цi то на пачатку 19 ст., а польская Вiкiпедыя дык увогуле сцвярджае, што пад час паўстання 1830-31 гг. а беларуская Вiкiпедыя на гэты конт прагназавана маўчыць.

     У Налiбоцкай пушчы дагэтуль старыя распавядаюць легенду, быццам дрэсiраваныя мядзведзi дапамагалi будаваць самыя старыя пушчанскiя касцёлы, напрыклад, касцёл у Дзераўной. Быццам бы на спiну iм навязвалi кошык, i яны рахмана цягалi па рыштаваннях на высокiя вежы цэглу. А там ужо муралi падхоплiвалi. Хутчэй за ўсё, анекдот, але прыгожы i дасцiпны. На гэтым тле мядзведзi, што вазiлi Радзiвiлавых гасцей у Нясвiжы, запрэжаныя ў санi або вазкi, выглядаюць суцэльнай банальшчынай. Страчаны скарб лiтвiнскай цывiлiзацыi: у Iндыi – працоўныя сланы, а ў нас – працоўныя мядзведзi. Эх, вось на чыiм прыкладзе трэба выхоўваць дзяцей! Хто б узяўся напiсаць забаўную кнiгу пра працавiтага пушчанскага мiшку? (Зрэшты, была падобная аповесць, у Лынькова. Чытаў у далёкiм дзяцiнстве, шкада што такiх не пiшуць цяпер, каб яшчэ i ачышчаных ад камунiстычнага патрыятызма, ды з веданнем гiстарычных рэалiй, як «Мядзведжая акадэмiя» Вiтаутаса Мiсявiчуса у лiтоуцау. Ды што там мядзведзi-будаўнiкi, калi ж нiбыта для славутага Баруты, улюбёнага мядзведзя Караля Радзiвiла, Тызенгаўзавы балетмайстар, iтальянец Пецiнецi стварыў адмысловую балетную партыю. Адно што «Пане Каханку» заўпарцiўся, не захацеў, каб ягоны пястун працаваў на славу канкурэнтаў. Так i застаўся Барута на вечныя часы, выклiкам Елiзар’еву i ўсiм ягоным наступнiкам :-)   

А цi памятаеце мядзведзя, якi ў эпiчнай паэме Мiцкевiча ледзь не загрыз Тадэвуша i Графа? I толькi трапны стрэл Гервасiя тых уломкаў уратаваў? Дык жа той мядзведзь таксама быў налiбоцкi, з таго самага легендарнага матачнiка лiтоўскага, дзе нiколi не ступала нага чалавека, i дзе зверы ад часоў Стварэння нiбыта жылi сваёй лясной, першабытна-дэмакратычнай дзяржавай: «што з цёмнай гушчы звер выйшаў i што краўся з Занямонскай пушчы» - бо з Навагрудскага, левага, рускага боку Нёмна Налiбоцкая пушча выглядала Занямонскай. Ды i смаргонскiя мядзведзi, вiдаць, паходзiлi з найблiжэйшых вялiкiх пушчаў: Руднiцкай, Налiбоцкай…  

     Слава лiтоўска-беларускага мядзведзя некалi грымела далёка па ўсёй Еўропе, салодка дражнячы распешчаную гуманiтарную багему на парыжскiм ды лонданскiм бруку.  Праспер Мэрымэ, блiснуўшы някепскiм веданнем лiтоўскiх рэалiй, напiсаў нават навелу «Локiс», пра мядзведзя-пярэваратня, якi доўга жыў ў аблiччы маладога графа Шэмета, i толькi ў першую шлюбную ноч праявiў сваю звярыную сутнасць, загрызшы маладую жонку. Матывы гэтай навэлы потым былi выкарыстаныя ў казцы Яўгена Шварца «Звычайны цуд», i ў аднайменным, культавым некалi, савецкiм фiльме. Гербам Жмудзi дык увогуле здаўна быў Мядзведзь. А на еўрапейскiх картах 16-17 ст. частым быў малюнак мядзведзя, якi спрабуе разарыць лiтоўскiя борцi, але натыкаецца на адмыслова развешаныя на бортных дрэвах ахоўныя мачугi, густа абсаджаныя вострымi металiчнымi шыпамi. На вядомай карце Олауса Магнуса (1539 г.) такi мядзведзь няўдала спрабуе паласавацца бортным мёдам рыхтык недзе каля Крэва i Смургоняў. А вось загадкавая Белая Русь для еўрапейцаў 17 ст. некалi асацыявалася з… белымi мядзведзямi! Арктыка! Шымон Старавольскi якi цi не пад Берасцем нарадзiўся, даводзiў абсалютна сур ёзна: «Русь, сумежная i падуладная Вялiкаму княству Лiтоўскаму, называецца папросту Белай таму, што жыхаpы белы колеp маюць i белае адзенне ў стаpажытныя часы ўжывалi... а часткова таму, што доўга пад белым снегам [знаходзiцца зямля]. Але i пpыpода там увогуле белая — ваўкi, мядзведзi i зайцы белыя...» Так што анекдатычны стэрэатып жыхара сучаснай Польшчы, што ў Беластоку белыя мядзведзi шпацыруюць па вулiцах, мае за сабой доўгую традыцыю. А Лiтву i (Белую) Русь, выяўляецца, можна было б сiмвалiчна адрознiваць па колеры iхнiх мядзведзяў: Брунатны i Белы, як тыя Патап i Тундра…

Мiнiстэрству спорта i турызма РБ, якому хочацца заманiць турыста ў краiну, чамусь нiяк не прыйдзе у галаву - квалiфiкавана «раскруцiць брэнд» Смаргонскай акадэмii. Сумленна ўкласцiся ў забытую славу i тады ўжо чакаць гасцей. Або i нашаму цырку (добра, пакiнем Елiзар’евa у спакоi!) – чаму б не прымусць мiшак iзноў папрацаваць на гонар краю? Ды хоць бы знак памятны паставiлi на Французскiх горках у Смаргонi, дзе тая акадэмiя месцiлася…  

Алесь Белы